Любімае свята дзяцей і дарослых!

Адлічвае каляндар 2017 года свае апошнія лісточкі. Засвяціліся ў вокнах кватэр навагоднія гірлянды. Хутка заззяюць агнямі галоўныя прыгажуні свята – навагоднія елачкі.

Новы год традыцыйна любімае свята для дзяцей і дарослых. Гэтыя дні ў работнікаў МНС выклікаюць асаблівую трывогу яшчэ і таму, што адначасова дзеці адпачываюць дома ад школьных заняткаў.

У межах другога этапу рэспубліканскай акцыі “Бяспечны Новы год” ратавальнікі Смалявіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях праводзяць прафілактычныя мерапрыемсты ў адукацыйных установах рэгіёна. Размаўляюць з вучнямі пра правілы карыстання піратэхнічнымі вырабамі, пра тое, якія правілы бяспекі неабходна выконваць, каб навагоднія святочныя дні і зімовыя забавы на канікулах прынеслі дзецям і іх бацькам толькі радасныя пачуцці. Засвоіць правілы бяспекі дапамагаюць адукацыйныя мультфільмы “Чароўная кніга МНС”. Таксама, працягваецца знаёмства вучняў з мабільным дадаткам “МНС Беларусі: дапамога побач”. З кожным наведваннем школ раёна ўсе большая колькасць вучняў далучаецца да расповяду ратавальнікаў пра гэты цікавы і, безумоўна, карысны інфармацыйны рэсурс.

Акцыя “Бяспечны Новы год” на Смалявіччыне прадоўжыца да канца снежня.